На польска-беларускім памежжы пад Мастаўлянамі (на радзіме Кастуся Каліноўскага) адбываецца летнік для беларусаў «Вольныя людзі». У інтэграцыйнай сустрэчы прымаюць удзел больш за 30 чалавек з Беларусі, якія былі вымушаны пакінуць радзіму і затрымаліся ў розных польскіх гарадах.
«Калі мы рыхтавалі летнік, моцную ўвагу мы звярнулі на блок дыскусіяў і лекцыяў па беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці», – сказаў нам арганізатар летніка кіраўнік «Беларускага дому ў Варшаве» Алесь Зарэмбюк.
- Мы бачым, што ў гэтым сярод беларусаў, якія былі вымушаны ўцякаць ад палітычнага пераследу, ёсць вялікі прабел і ў гістарычных пытаннях і ў пытаннях мовы, культуры, традыцыі. Большасць удзельнікаў слаба размаўляе па-беларуску і таму гэты блок у нас асноўны. Але таксама дыскусіі прысвечаны пытанням дыяспары, праблемам эміграцыі, і г.д.
Лектарамі запрошаныя больш за 10 спецыялістаў, сярод іх прафесар Алег Латышонак, эканаміст Віктар Буры, гісторык Вольга Сямашка, прадстаўнік С.Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч.
Беларусы сустракаюцца таксама з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і беларускімі медыя, якія працуюць на Беласточчыне.
З удзельнікамі летніка штодзень працуе псіхолаг.
Летнік «Вольныя людзі» распланаваны на 5 дзён і працягнецца да 15 жніўня.
яс